Тэма 6. МОЎНЫЯ СРОДКІ КАМУНІКАЦЫІ

 

Выразнасць маўлення можа стварацца на ўзроўні ўсіх моўных адзінак. У публічнай прамове і дзелавых зносінах часта выкарыстоўваюць спецыфічныя выяўленчыя сродкі, якія робяць выказванне яркім, вобразным, эмацыйным. Гэта так званыя рытарычныя фігуры – устойлівыя звароты мовы, словы і выразы ў пераносных значэннях, якія з’яўляюцца упрыгожваннем тэксту. Яны ўзбагачаюць паведамленні. У рыторыцы традыцыйна адрозніваліся фігуры думкі і фігуры слова.

Рытарычныя фігуры думкі:

  1. Антытэза (проціпастаўленне): Лета збірае, зіма паядае (Прыказка).
  2. Аксюмаран (зліццё парадаксальных супрацьлегласцяў): жывы труп, гарачы снег, горкая радасць.
  3. Вокліч (заклік, уздзеянне на эмоцыі): О боязь за другога чалавека! Адна ты робіш чалавека з нас (Н. Мацяш).
  4. Зварот (зварот да слухачоў): Слухайце, беларусы...
  5. Пытанне (перадае разважанні аўтара): Нашто каласы, калі няма васількоў? (М. Багдановіч).
  1. Ампліфікацыя (пашырэнне): Вось паганства, вось брыда, проста гора і бяда (З. Бядуля).

Рытарычныя фігуры слова:

  1. Анафара (паўтарэнне аднолькавых слоў, выразаў, гукаў у пачатку радкоў, строф, сказаў):

 

Тут побач з боцікам блішчастым

Цяжкі салдацкі чаравік.

Тут учарашняе з сучасным,

Тут боль з уцехаю ўпрытык (П. Макаль).

 

  1. Эпіфара (паўтарэнне слоў, выразаў, гукаспалучэнняў у канцы вершаваных радкоў, строф, сказаў):

 

Ціхі і сіні блішча над хатай

Неба прастор.

Ціха гайдае ліпа над хатай

Лісцяў узор (М. Багдановіч).

 

  1. Эліпсіс (пропуск слоў):

 

Пaвoльнa, цixa нaд зямлёй,

Нiбы вaлы, блiжэюць xмapы.

Дзe – чapaдoй,

Дзe – гpaмaдoй,

Дзe – пaдaбpaныя дa пapы (У. Дубоўка).

 

  1. Інверсія (зваротны парадак слоў):

 

А як усцешна мне было,

Што сонца, хоць усе абшары

Даўно чакала на святло,

Пакуль ты хустачку да твару

Не завязала, –

Не ўзышло! (М. Лужанін).

 

  1. Паралелізм (аднатыпнае пабудова сказаў або іх частак):

 

Я б пacлaлa пacoл – нe cмeю,

Haпicaлa б лicтoк – нe ўмeю,

I пaйшлa б я caмa – бaюcя,

Дoўгaя дapoгacтaмлюcя (Народная песня).

 

  1. Метафара (перанос назвы па падабенстве): Расчасалі вішні шоўкавыя косы і ўранілі долу снегавы вянок (П. Трус).
  2. Метанімія (перанос па сумежнасці): У полі сеялася заўтра (Р. Барадулін).
  3. Сінекдаха (перанос па колькасці): Натура ўжо, відаць, такая, што чалавеку з кожным днём заўжды чагосьці не хапае, хоць у парадку ўсё кругом (П. Броўка).
  4. Іронія (насмешка):

 

Я ж твaю дaчyшкy шaнaвaць бyдy:

To пpyтoм, тo кнyтoм,

To дyбiнaй, тo лyтoм,

To кaчaлaчкaй,

Бyдy нaзывaць ycё кaxaнaчкa (Вясельная песня).

 

  1. Гіпербала (узмацненне значэння): Мы з вамі сто гадоў не бачыліся!
  2. Літота (пераменшванне): мора па калена.

Экспрэсію ствараюць таксама параўнанні, эпітэты (мастацкія азначэнні), цытаты, фразеалагізмы, прыказкі, крылатыя словы.

Дасягнуць дакладнасці і выразнасці маўлення можна толькі пры ўмове, што моўца валодае разнастайнымі сродкамі мовы, рознымі спосабамі перадачы аднаго і таго ж сэнсу, калі гаворка яго досыць багатая. [33, с. 39–43].

Мова – сістэма знакаў і правілаў, з дапамогай якіх адбываецца кадзіраванне і дэкадзіраванне інфармацыі. Адрасат выкарыстоўвае  код для кадзіравання інфармацыі, адрасант – для дэкадзіравання таго ж паведамлення. Галоўнай становіцца праблема агульнасці кода для таго, хто перадае інфармацыю, з аднаго боку, і для таго, хто гэтай інфармацыяй карыстаецца – з другога. Прыналежнасць да адной і той жа нацыянальнай мовы – не адзіная ўмова, якая забяспечвае паразуменне. Камуніканты павінны належаць яшчэ і да адной кодавай сістэмы. А гэта не што іншае, як веданне таго, якім чынам “упакоўваецца” і “распакоўваецца” інфармацыя ў розных выпадках, г. зн. ужывальна да розных тыпаў камунікатыўнага акта. Разуменне мовы ва ўмовах рэальнага камунікатыўнага акта не забяспечваецца толькі веданнем мовы, але патрабуе далучэння пэўнай сістэмы навыкаў абыходжання з мовай.

Дж. Серль заўважыў, што некаторыя выказванні як бы нацэлены на тое, каб словы адпавядалі свету, а іншыя – каб свет адпавядаў словам. Адпаведны механізм Серль прапанаваў назваць напрамкам прыстасавання. Аналіз напрамкаў прыстасавання неабходны для таго, каб адрозніваць апісанні, тлумачэнні і інш., з аднаго боку (прыстасаванні слова да свету), і патрабаванні, загады, клятвы, абяцанні і інш. – з другога (прыстасаванне свету да слоў). Моўца прыстасоўвае свет да слоў, а слухач – наадварот [31, с. 45].

На прымітыўным узроўні працэс прыстасавання свету да слоў можа быць прадстаўлены так: я знаходжуся ў свеце рэферэнтаў і ўспамінаю, “як завуць” кожнага з іх. Я не называю і не пазначаю рэферэнты нанова: ад мяне гэтага не патрабуецца (яны ўжо названы), і я помню “імёны” рэчаў
(г. зн. знакі, прыдатныя да кодзіравання). Калі я перастану памятаць іх, мой працэс камунікацыі стане немагчымым, а галоўнае, непасрэдна за светам слоў свет рэчаў таксама фактычна спыніць для мяне існаванне. Немагчымасць назваць рэчы па імені робіць фактычна немагчымым пазнаць іх, зразумець іх прызначэнне, скарыстацца імі. Адказнасць моўцы за тое, каб “успомніць словы” і размясціць іх у адпаведнасці з правіламі кода вялікая: інакш карціна свету, якая перадаецца яму суразмоўцам, не будзе вядомая, а значыць, не адбудзецца і кантакт. Задача адрасата – прыстасаваўшы дадзеныя яму ў распараджэнне словы да свету, у ідэале вярнуцца да таго ж рэферэнта, які справакаваў адрасата на вымаўленне слоў, г. зн. адрасат павінен прайсці шлях, зваротны шляху адрасанта. Аднак у рэальнай маўленчай сітуацыі асабістая пазіцыя моўцы даволі моцна ўплывае на перадаваемы рэферэнт, таму разлічваць на тое, што адрасат будзе здольны прайсці той жа самы шлях, які пройдзены адрасантам, можна толькі тэарэтычна. Адрасат трапіць у іншы пункт прасторы, трэба толькі, каб гэты пункт знаходзіўся недалёка ад той вобласці, дзе стартаваў адрасант. У гэтым выпадку ўзаемаразуменне будзе захавана.

Такім чынам, у распараджэнні камунікантаў ёсць тое, што іх аб’ядноўвае – спарадкаваная сістэма знакаў і правілаў карыстання імі, г. зн. код. Але карыстаюцца яны гэтым кодам па-рознаму: адрасант – для кадзіравання, а адрасат – для дэкадзіравання інфармацыі [31, с. 38].

У фарміраванні паўсядзённых выказванняў актыўна ўдзельнічае стэрэатыпны фонд носьбітаў мовы. Моўная практыка багатая на сітуацыі, якія прадугледжваюць банальныя формы маўленчых паводзін. Ад людзей не патрабуецца ў кожным канкрэтным выпадку вынаходзіць нейкія новыя і асабліва арыгінальныя формы прывітанняў або патрабаваць ад суразмоўцы толькі незапраграмаваных рэакцый на звароты. Стэрэатыпізацыя камунікатыўнага вопыту – гэта такі працэнт стэрэатыпаў у маўленчай свядомасці грамадства, які перавышае іх крытычную норму.

Стэрэатыпы – маўленчыя формулы, фактычна безадносныя да сітуацыі. Не варта думаць, што стэрэатыпы – абсалютна адмоўная з’ява. Цяжка не ўбачыць пазітыўнай ролі стэрэатыпаў як своеасаблівых кантэйнераў, у якіх захоўваецца інфармацыя са сферы чалавечага маўленчага мінулага. Перыядычна змесціва кантэйнера падлягае рэвізіі: робяцца спробы прыстасаваць стэрэатыпы да новых гістарычных умоў. Ранейшай ролі яны ўжо не адыгрываюць, але з’яўляецца новая роля, характар якой амаль заўсёды можна прадказаць, калі ўяўляць сабе працэс цыркуляцыі стэрэатыпаў у соцыуме:

1) стэрэатып узнікае як нейкая знаходка, часцей за ўсё ўдалая ці проста зручная для абазначэння таго ці іншага паняцця;

2) адаптацыя вобраза – у выніку гэтага ён акупіруе маўленчы ўжытак, становячыся практычна адзінай магчымасцю пазначыць адпаведную з’яву;

3) адцягненне вобраза ад соцыуму, бо занадта вялікая актыўнасць вобраза пачынае стамляць;

4) іранічнае пераасэнсаванне вобраза адбываецца звычайна за кошт зваротнага прачытання закладзенай у ім інфармацыі; узнікае парадыйны кантэкст;

5) канчаткова скампраметаванае паняцце ўжо не мае сэнсавай перспектывы, пачынае разглядацца як гістарычна адпрацаванае, ужываць яго становіцца прыметай дрэннага тону, і ён на нейкі час “выбывае з гульні”;

6) непрыкметнае ператварэнне стэрэатыпа ў своеасаблівы гістарызм – стылістычна нейтральны сродак, які маркіруе пэўны перыяд у гісторыі развіцця грамадства.

У рэжыме гістарызму стэрэатып і будзе існаваць да таго часу, пакуль новае пакаленне не возьме яго для абазначэння падобнай яму  новаспечанай з’явы.

Тыпалогія стэрэатыпаў у сучаснай навуцы да гэтага часу не распрацавана, і тэрмін “стэрэатып” ужываецца як сінонім тэрмінаў “штамп”, “клішэ”. У лінгвістычнай прагматыцы класіфікацыя стэрэатыпаў прадстаўлена наступнымі відамі:

Даследаванне асаблівасцяў кадзіравання і дэкадзіравання інфармацыі на натуральных мовах прывяло да таго, што ў складзе маўленчых актаў былі выяўлены досыць добра адрозныя групы, якія паддаюцца карэктнаму апісанню. На стварэнне ўмоў для дыферэнцыяцыі маўленчых актаў паўплывалі розныя галіны навуковых ведаў: логіка, тэорыя камунікацыі, філасофія, лінгвістыка. У лінгвістыцы атрымала вялікае распаўсюджанне паняцце прапазіцыі, якое можна патлумачыць на такім прыкладзе:

Спадзяюся, вы паедзеце сёння.

У мяне ёсць падазрэнне, што вы з’едзеце сёння.

Я занепакоены тым, што вы з’едзеце сёння.

Мне нецікава, што вы паедзеце сёння.

Тое, ШТО выказваецца, стабільнае, гэта пастаянны (інварыянтны) узровень выказвання: вы, з’ехаць, сёння. Гэта сэнсавая канстанта, якая фіксуе нейкае становішча спраў у рэальным ці магчымым свеце. Тое, ЯК гэта выказваецца, ёсць узровень выказвання, які вар’іруецца, г. зн. сэнсавая пераменная, якая можа быць любой і выказвае стаўленне таго, хто гаворыць, да становішча спраў, якое паведамляецца.

Такім чынам, кожнае выказванне заключае ў сабе становішча спраў” + стаўленне да становішча спраў”. Становішча спраў ёсць прапазіцыя, г. зн. думка, аддзеленая ад суб’екта выказвання. Менавіта ў прапазіцыі заключана магчымасць рэферэнцыі, г. зн. аднясення выказванні да свету. Разуменне (дэкадзіраванне) выказвання грунтуецца на ўменні вылучыць з яго прапазіцыю і суаднесці яе з кампанентам моўцы.

Класіфікацыя маўленчых актаў ажыццяўляецца ў залежнасці ад прапазіцыі, з аднаго боку, і адносін моўцы да яе – з другога. Пры гэтым улічваюцца наступныя фактары:

– адрозненні ў мэце дадзенага маўленчага акта;

– адрозненні ў кірунку прыстасавання паміж словамі і светам;

– адрозненні ў выяўленых псіхалагічных станах;

– адрозненні ў статусе або становішчы таго, хто гаворыць і слухае;

– адрозненні ў прапазіцыянальным змесце;

– адрозненні ў стылі ажыццяўлення маўленчага акта і г. д.

Сярод маўленчых актаў адрозніваюцца наступныя асноўныя групы:

  1. Рэпрэзентатывы – інфарматыўныя маўленчыя акты, або паведамленні. У ходзе рэпрэзентатыўных маўленчых актаў адбываецца прадстаўленне суразмоўніку тых ці іншых прадметаў, з’яў, падзей. Асаблівасць рэпрэзентатываў у тым, што абслугоўваюць іх тыповыя прагматычныя клішэ (нейтральныя – я паведамляю, я стаўлю ў вядомасць, я інфармую, я даводжу да ведама; асцярожныя – я мяркую, мне здаецца; дэманстратыўныя – я сцвярджаю, я падкрэсліваю і мн. інш.), што сведчаць пра намер таго, хто гаворыць, перадаць слухачу пэўную сукупнасць звестак і ўзяць на сябе адказнасць за іх праўдзівасць.
  2. Дырэктывы – прадпісальныя маўленчыя акты. Ажыццяўляючы іх, моўца падахвочвае адрасата да здзяйснення/нездзяйснення чаго-небудзь. Тыповыя прагматычныя клішэ ляжаць у межах паміж я загадваю, я патрабую, з аднаго боку, і я прашу, я малю, я заклінаю – з другога. Спецыфіка дырэктываў заключаецца ў тым, што яны абавязваюць суразмоўцу ўлічыць жаданні ці патрэбы моўцы.
  3. Камісівы – маўленчыя акты прыняцця абавязацельстваў. Камісівы, у адрозненне ад дырэктываў, накіраваных на суразмоўцу, накіраваны на самога моўцу. Рэлевантныя прагматычныя клішэ – я абяцаю, я клянуся, я абавязуюся, я прысягаю і г. д. Камісівы таксама не заўсёды гарантуюць прытрымліванне меркаванай лініі паводзін.
  4. Экспрэсівы – маўленчыя акты, якія выказваюць псіхалагічны стан. Яны абазначаюць сапраўдныя (або якія мяркуюцца ў адпаведнасці з маўленчай сітуацыяй) эмоцыі таго, хто гаворыць, накіраваныя на адрасата. Класічныя прагматычныя клішэ – я шкадую, я прашу прабачэння, я віншую, я спачуваю і інш.
  5. Дэкларацыі (у Дж. Осціна – экзэрсітывы і вердыктывы) – маўленчыя акты, якія афармляюць з дапамогай мовы розныя тыпы сацыяльных канвенцый. Прагматычныя клішэ адэкватна прадстаўляюць такія маўленчыя акты: я абвяшчаю (вайну, сход адкрытым; вас мужам і жонкай і г. д.); я адлучаю (вас ад царквы) і г. д. Пры гэтым абавязкова трэба ўлічваць, што канкрэтныя асобы або абставіны павінны быць прыдатныя для звароту менавіта да канкрэтнай працэдуры.

Экзэрсітывы вызначаюцца Осцінам як маўленчыя акты, звязаныя з праявай уплыву і ажыццяўленнем улады, а вердыктывы – як маўленчыя акты, звязаныя з вынясеннем ацэнак.

Уступаючы ў той ці іншы маўленчы акт, варта ўлічыць спецыяльныя ўмовы камунікацыі, зададзеныя тыпам камунікацыі:

Галоўная праблема, звязаная з кодам як кампанентам камунікатыўнага акта, ёсць праблема выяўлення значэння ў дачыненні да канкрэтнай маўленчай сітуацыі. Рэальныя значэнні моўных адзінак могуць знаходзіцца далёка ад тых значэнняў, якія ім прыпісваюцца. Значыць, камуніканты павінны мець у распараджэнні нешта, на што можна абапірацца пры кадзіраванні і дэкадзіраванні звестак. Арыентавацца толькі на прапазіцыю далёка не заўсёды можна, паколькі адны і тыя ж прапазіцыі могуць абслугоўваць розныя маўленчыя акты.

Прааналізуем наступны дыялог:

(1) Студэнт А. Давай пойдзем у кіно ўвечары.

(2) Студэнт В. Я павінен рыхтавацца да іспыту.

Выказванне (2) у дадзеным кантэксце ўяўляе сабой адхіленне прапановы (1). Але па сваім непасрэдным значэнні яно з’яўляецца простым сцвярджэннем таго, што павінен зрабіць студэнт В. Тады якім чынам А. разумее, што В. адхіляе прапанову? Для такога разумення А. праходзіць некалькі крокаў. Ён мае права чакаць рэлевантнага адказу на сваё пытанне. Гэта можа быць альбо прыняцце прапановы, альбо яе адхіленне, альбо сустрэчная прапанова, абмеркаванне прапановы і г. д. Але літаральнае выказванне В. не належыць ні да аднаго з гэтых тыпаў, такім чынам, не з’яўляецца рэлевантным адказам. Значыць, В. мае на ўвазе нешта большае, чым ён непасрэдна выказаў. Студэнт А. разумее, што падрыхтоўка да іспыту звычайна займае шмат часу і што паход у кіно патрабуе пэўных часавых выдаткаў. Такім чынам, А. ведае, што В. сказаў нешта, з чаго вынікае, што В., верагодна, не можа прыняць прапановы А. Адсюль вынікае, што першасная мэта В. – адхіліць прапанову. Апошняя выснова носіць імавернасны характар, бо адказ В. зусім не абавязкова азначае абавязковае адхіленне прапановы А. Гэту рэпліку В. можа дапоўніць так: Я павінен рыхтавацца да іспыту, але ўсё ж давай пойдзем у кіно ці Я павінен рыхтавацца да іспыту, але я займуся гэтым, калі мы вернемся з кіно.

Прыведзены прыклад паказвае ўсю складанасць працэсу дэкадзіравання звычайнага выказвання. Усю гэтую працу адрасат праводзіць зусім падсвядома, па прычыне наяўнасці навыкаў чытання кода – як перш за ўсё звычкі да таго, што часта на тыпавыя значэнні моўных адзінак у рэальных працэсах камунікацыі арыентавацца можна толькі ўмоўна. Нярэдка здараецца так, што значэнне адпаведных моўных адзінак для паспяховага развіцця камунікацыі наогул лепш за ўсё адмяніць. Гэта бывае тады, калі выкарыстоўваецца ўскосная моўная стратэгія.

Назіранні над сучаснай маўленчай практыкай паказваюць, што камуніканты карыстаюцца ўскоснымі маўленчымі стратэгіямі не радзей, чым прамымі, выпадкі падмены аднаго маўленчага акта іншым адносяцца да разраду шырока распаўсюджаных. Адбываецца гэта з-за патрабаванняў этыкету, па прычыне інтэрнацыянальнай стэрэатыпізацыі маўленчага вопыту, у складаны перыяд, які перажываецца мовай у нашы дні. Гаворка ідзе пра перыяд, які атрымаў назву “рафінавання мовы”. Мова ўсё больш сыходзіць у бок ад прамых формаў выказвання, удасканальваючы сістэму умоўных сігналаў, непасрэдна не звязаных са значэннем складнікаў яе адзінак. Прамыя формы маўленчых паводзін перастаюць быць самымі эфектыўнымі, а рэальныя маўленчыя акты становяцца ўсё больш асцярожнымі, усё больш этыкетнымі.

У дачыненні да ўскосных маўленчых актаў паводзіны ў іх складзе моўных адзінак у агульных рысах можна апісаць так:

  1. Моўныя адзінкі ва ўскосных маўленчых актах, як правіла, не выказваюць тых жа самых значэнняў, якія выяўляюцца імі ў іншых выпадках.
  2. Тыпы змен значэння моўных адзінак у складзе ўскосных маўленчых актаў паддаюцца апісанню: звычайна значэнні з указаннямі на сапраўдную камунікатыўную мэту зрушваюцца ў сферу мадальных сродкаў мовы і ўзыходзяць да такіх паняццяў, як магчымасць, пажаданасць, неабходнасць, прычыннасць і пад.
  3. Моўныя сродкі ва ўскосных маўленчых актах часта ператвараюцца ў прагматычныя клішэ.
  4. Моўныя сродкі маркіруюць ускосныя маўленчыя акты, часта маюць універсальны, стандартызаваны характар.
  5. Моўныя сродкі, якія выкарыстоўваюцца ва ўскосных маўленчых актах, адсылаюць да вобласці нямоўных ведаў суразмоўцы.
  6. Моўныя сродкі, якія маркіруюць ускосныя маўленчыя акты, звычайна сведчаць аб парушэнні моўцам аднаго або некалькіх пастулатаў камунікатыўнага кодэксу [16, с. 30–36].